РА́КАВІННЫЯ АМЁБЫ (Thecamoebina),

ракавінныя караняножкі (Testacea, або Testacealobosea), атрад (падклас) прасцейшых кл. караняножак падтыпу саркодавых. Некалькі соцень відаў. Пашыраны паўсюдна, жывуць у прэсных вадаёмах, балотах, імху, глебе. На Беларусі каля 30 відаў (найб. разнастайныя ў Нарачанскай групе азёр). Найб. трапляюцца арцэлы (Arcella), дыфлюгіі (Difflugia), эўгліфы (Euglypha) і інш.

Ад амёб адрозніваюцца наяўнасцю дыска-, груша-, шара- або яйцападобнай ракавіны даўж. да 0,15 мм. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальную вакуолі. З вусця ракавіны выступаюць 6 і больш псеўдаподый. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам. Размнажаюцца пераважна простым дзяленнем (пры спрыяльных умовах некалькі разоў за суткі). Корм для драпежных беспазваночных, бентасаедных рыб. Іл. гл. да арт. Караняножкі.

т. 13, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)